Читати книгу - "Дэпэш Мод"
Шрифт:
Інтервал:
Додати в закладку:
– Ня ведаю.
– Ну, тады што-небудзь пра музыку ўвогуле. Пацягні час, каб ён не зарыентаваўся. Гэта галоўнае.
– Добра, – напружана кажа Вася і прыкладвае слухаўку да вуха. – Добры вечар.
– Як вас завуць? – цярпліва пытаецца вядучы.
– А навошта вы пытаеце?
– Ну, я ўсіх пытаю, калі хто дазвоніцца – як вас завуць.
– Праўда ўсіх? – удакладняе Вася.
– Усіх-усіх, – заспакойвае яго вядучы. – То як вас завуць?
– Ну, – пачынае гандлявацца Вася, – мяне завуць... А вас як завуць?
– Мяне?
– Так, вас.
– Ну, мяне, – какетнічае вядучы. – А, ладна, Бог зь ім. Што вы наагул хацелі?
– Ад каго?– зноў не разумее Вася.
– Ну, ад мяне.
– Што? – шэпча мне Вася.
– А я ведаю? – адказваю. – пагавары зь ім пра музыку. Галоўнае – пацягнуць час, разумееш?
– Разумею, – кажа Вася. – На, сам пацягні.
Ён тыцкае мне ў морду слухаўку, я ўдыхаю паветра і адчуваю як моцна слухаўка пахне кетчупам, так, нібы яе нехта доўга пхаў у вядзерца са спэцыямі, кетчуп проста сьцякае па ёй, мяне адразу ж пачынае выварочваць.
– Слухай, – кажу я Васю, – ты тут патрымайся, я пайду адалью. Галоўнае – сачы за мовай, не кажы лішняга! Ты зразумеў? – сачы за мовай! Не кажы лішняга! Сачы за мовай! – крычу я ўжо з сарціру.
– Алё, – нагадвае пра сябе вядучы. – Вы там яшчэ жывыя?
– Сачы за мовай, – хмура кажа яму Вася.
– Прабачце?
– І не кажы лішняга! – дадае Вася.
– То пра што вы хацелі пагаварыць?
– Ну, ня ведаю, – кажа Вася, – пра музыку.
– Пра музыку?
– Так. Пра «Дэпэш Мод».
– Цудоўна.
– Так? – зь недаверам перапытвае Вася.
– Цудоўна, – запэўнівае яго вядучы. – Вам спадабалася нашая праграма?
– Не, – гаворыць Вася.
– Чаму? – пытаецца вядучы.
– Мне, – спрабуе патлумачыць Вася, – не спадабалася пра шоў-бізнэс.
– Так-так, – гаворыць вядучы.
– Вы разумееце, – Вася доўга падбірае словы, цягнучы час, – я ня тое, што не люблю шоў-бізнэс, хоць, мабыць, усё-ткі не люблю.
– А «Дэпэш Мод» вы любіце? – здаецца, вядучы таксама вырашыў пацягнуць час.
– «Дэпэш Мод»?
– «Дэпэш Мод».
– Не, не люблю.
– Ну, то, можа, раскажыце нам якую-небудзь гісторыю? – ня хоча яго адпускаць вядучы.
– Гісторыю?
– Так. Якую-небудзь гісторыю.
– Добра, – згаджаецца Вася, – раскажыце.
– Не, – нэрвуецца вядучы, – гэта вы раскажыце.
– А чаму я? – насьцярожваецца Вася.
Тут і я вяртаюся, што там? паказваю на слухаўку, а, кажа Вася, мужык гісторыі расказвае, прыкольна, слухай, кажа ён мне, давай дадому правядзем тэлефон, такія рэчы можна рабіць.
– То як? – адгукаецца вядучы. – Як там з гісторыяй?
Вася запытальна глядзіць на мяне.
– Ды раскажы ты яму якую-небудзь гісторыю, – шапчу я, – а то ён не адчэпіцца.
– Пра «Дэпэш Мод»? – пытаецца Вася ў слухаўкі.
– Пра «Дэпэш Мод», – пагаджаецца вядучы.
– Добра, – кажа Вася, – я магу вам распавесьці адну гісторыю, але яна, як бы гэта сказаць...
– Ня надта прыстойная? – хіхікае вядучы.
– Не, – павольна кажа Вася. – Яна проста сумная. Расказаць вам сумную гісторыю?
– Але яна пра «Дэпэш Мод»? – на ўсялякі выпадак перапытвае вядучы.
– Ды пра «Дэпэш Мод», пра «Дэпэш Мод», – кажа Вася, – не хвалюйцеся. З чаго б я вам распавядаў не пра «Дэпэш Мод»? Але сумная.
– Ну, добра, – згаджаецца вядучы, – давайце вашую сумную гісторыю. Толькі каб пра «Дэпэш Мод», – строга дадае ён.
– Да, – кажа Вася, – пра «Дэпэш Мод». Я, калі вучыўся ў дзясятай клясе, у Чаркасах, то ў мяне быў сябра, не, ня так каб сябра, хутчэй проста аднаклясьнік, разумееце?
– Разумею, – проста кажа вядучы.
– І ён у прынцыпе нармальны чувак быў, нічым такім асаблівым не адрозьніваўся, вы разумееце пра што я?
– ...........
– Але ў яго фішка была.
– Фішка?
– Ну, да – фішка. Ён, разумееце, як бы гэта сказаць – вось вы тут казалі шоў-бізнэс - шоў-бізнэс, плятынавыя дзялы і так далей, ну, карацей, мы ўсе тады слухалі «Дэпэш Мод»...
– О, – радасна адгукаецца вядучы, здаецца, ён кроўна зацікаўлены ў публічнай любові да «Дэпэш Мод».
– Зьбіралі іхныя запісы, фоткі, плякаты, памятаеце?
– Так-так-так, – радасна квакае вядучы.
– І вось нехта з нас, я ўжо ня памятаю хто менавіта, падарыў яму на дзень народзінаў плякат Гэхана, разумееце?
Вядучы зноў радасна квакае.
– І вось ён, разумееце, ён у прынцыпе нармальны быў чувак, але ён павесіў у сябе ў сарціры гэты плякат і пачаў драчыць на Гэхана, уяўляеце?
– Як драчыць? – разгублена пытаецца вядучы. Відаць, ён не чакаў, што гісторыя будзе аж настолькі сумнай.
– Ну, так, – Вася ня ведае, як яму па тэлефоне паказаць, – пачаў ананізаваць на плякат Гэхана, уяўляеце?
– Які жах, – кажа вядучы. – А вы спрабавалі растлумачыць яму, што гэтага рабіць нельга?
– Спрабавалі, – кажа Вася, – але ў яго фішка была, разумееце? Ён гэтага нават ня ўтойваў – прыходзіў са школы, кідаў партфель у калідоры – і ў сарцір.
– А вы?
– Мы – не.
– Не, я не пра гэта.
– А, ну, што мы? Мы думалі, можа чувак так музыку любіць, можа яму гэты ваш «Дэпэш Мод» так падабаецца, што ён стрымацца ня можа, у прынцыпе што ж дрэннага, пагадзіцеся.
– Хрррррррррр, – хрыпіць вядучы.
– Але, разумееце, у чым справа – мы яму на нейкае наступнае сьвята прынесьлі запісы «Дэпэш Мод», думалі, ён усьцешыцца, падзякуе. А ён, ведаеце, што? Ён уключыў гэтыя запісы і гаворыць – што за гаўно вы прынесьлі? Гэта ж, кажам, той чувак, на якога ты штодня дрочыш, гэта ён сьпявае. Табе што, пытаемся, не падабаецца? Не, кажа ён, не падабаецца. І выключыў магнітафон. І больш ніколі «Дэпэш Мод» ня слухаў. Уяўляеце?
– Да, – разгублена гаворыць вядучы. Адчуваецца, што ён перавёў бы размову на нешта іншае, але на што ж ты яе пасьля ўсяго гэтага перавядзеш. – Ну, а далей што
Увага!
Сайт зберігає кукі вашого браузера. Ви зможете в будь-який момент зробити закладку та продовжити читання книги «Дэпэш Мод», після закриття браузера.